«ГРО́ДНЕНСКИЕ ГУБЕ́РНСКИЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,

афіцыйная газета. Выдавалася з 7(19).1.1838 да 31.7(13.8).1915 у Гродне на рус. мове. Перыядычнасць мянялася (1, 2, 4 разы на тыдзень, штодзённа). Мела афіц. і неафіц. (да 1856 выходзіла як дадатак да афіцыйнай) часткі, у 1899 яны аб’яднаны ў адно выданне. У 1903—06 неафіц. частка выходзіла як асобнае выданне. Змяшчала пастановы і распараджэнні цэнтр. і мясцовых улад, матэрыялы па археалогіі, гісторыі, этнаграфіі, стат. інфармацыю, артыкулы па сельскай гаспадарцы, адукацыі. Друкавала даследаванні М.А.Дзмітрыева, А.Я.Багдановіча, М.В.Доўнар-Запольскага, Е.Р.Раманава і інш.

Сярод публікацый: «Гістарычныя звесткі аб г. Брэст-Літоўску І.Крашэўскага» (1845); «Кароткае гістарычнае паведамленне аб горадзе Гродна» (1847), «Мястэчка Бездзеж [Гродзенскай губ.]» Ф.Стаўровіча (1867); «Старажытныя будынкі, помнікі даўніны і навейшага часу ў Гродзенскай губерні» Л.Саланевіча (1902) і інш.

А.М.Лукашэвіч.

т. 5, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)